ТРЫЯ́САВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), трыяс (ад грэч. trias тройца, траістасць),
першая (ніжняя) сістэма мезазойскай эратэмы (эры). Адпавядае ранняму перыяду мезазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду), папярэднічае юрскай сістэме (перыяду). Пачалася каля 250 млн. г. назад, доўжылася каля 50 млн. г. Адклады Т.с.(п.) упершыню вылучаны ням. геолагам А. фон Альберці ў 1834 у Альпах. Падзяляецца на 3 аддзелы і 7 ярусаў (індскі і алянёцкі — ніжні аддзел; анізійскі і ладзінскі — сярэдні аддзел; карнійскі, нарыйскі і рэцкі — верхні аддзел). У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме трыясавых адкладаў Беларусі вылучаны таксама світы і падсвіты.
У трыясавы перыяд пашырылася пл. сушы мацерыкоў Лаўразіі ў Паўн. і Гандваны ў Паўд. паўшар’ях, на якіх пераважалі кантынентальныя ўмовы асадканамнажэння з утварэннем адкладаў: стракатакаляровых пясчана-гліністых (Усх.-Еўрапейская платформа), гіпсаносных (Сярэдняя Еўропа), саляносных (Паўн. Афрыка), вугляносных (Аўстралія, Паўд. Амерыка). Вулканічныя ўтварэнні былі пашыраны на Урале, у Казахстане, Сярэдняй Азіі, на Сібірскай платформе (трапавая фармацыя). Марскія вадаёмы з карбанатным асадканамнажэннем існавалі пераважна ў геасінклінальных абласцях; акіян Тэціс (Міжземнаморскі геасінклінальны пояс), басейны Паўн. Амерыкі (Кардыльеры), Паўд.-Усх. Азіі, Усх. Афрыкі. З адкладамі трыясу звязаны радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, гіпсу, каменнай солі, баксітаў, кааліну, медзістых пясчанікаў, уранавых руд і інш. Клімат у раннім і сярэднім трыясе быў пераважна гарачы, сухі, у познім трыясе — вільготны. Арганічны свет характарызуецца росквітам жывёльнага свету сушы, асабліва паўзуноў (дыназаўры), земнаводных (стэгацэфалы), насякомых (жукі. стараж. прамакрылыя); у канцы перыяду — касцістых рыб і прымітыўных млекакормячых (яйцародныя і сумчатыя). У прэснаводных вадаёмах былі членістаногія (астракоды, філаподы), у марскіх басейнах — разнастайныя малюскі, асабліва галаваногія (цэратыты). У расл. свеце на ўсіх кантынентах былі пашыраны дзеразападобныя. у канцы перыяду — голанасенныя (бенетытавыя, цыкадавыя, гінкгавыя і інш.), у морах — рыфаўтваральныя водарасці, у прэснаводных вадаёмах — харавыя.
На тэр. Беларусі адклады Т.с.(п.) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне. У Прыпяцкім прагіне яны (магутнасцю 300—500 м, месцамі больш за 1000 м) прадстаўлены ніжняй пясчанай і верхняй гліністай тоўшчамі. У ніжняй тоўшчы вылучаны выступовіцкая (пяскі, гліны, кангламераты) і каранёўская (пяскі, пясчанікі з аалітамі) світы ніжняга аддзела. Верхняя тоўшча падзяляецца (знізу ўверх) на мазырскую (алеўраліты, гліны, мергелі) світу ніжняга аддзела, калінкавіцкую (гліны, пяскі) і нараўлянскую (стракатакаляровыя гліны з праслоямі пясчаніку і алеўраліту, месцамі вапняку) світы сярэдняга аддзела; валаўскую (каалінізаваныя гліны і пяскі) світу верхняга аддзела. У Брэсцкай упадзіне трыясавыя адклады (магутнасцю 40—50 м) прадстаўлены воўчынскай (цагельна-чырвоныя гліны) і новагалянскай (гліны, пяскі, пясчанікі) світамі ніжняга аддзела.
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Геология Беларуси. Мн., 2001.
С.А.Кручак.
т. 16, с. 13